Ouvir o texto...

sexta-feira, 7 de agosto de 2015

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Музей «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты 4 лютага 1989 г. у г.Брэст як пастаянная выстаўка Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, з 01.01.1998 г. яго філіял. Адзіны ў Беларусі музей, дзе экспануюцца творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу.

Аклад абраза Раство Прасвятой Багародзіцы. 
Майстар Іван Грыгор'еў. Масква. 1750-я гг.




Пачатак фарміраванню «мытнай» калекцыі пакладзены ў 1953 г., калі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей атрымаў ад мытні 30 абразоў і вырабаў меднага мастацкага ліцця. У 1976 г. у выставачнай зале адбылася выстаўка найбольш цікавых экспанатаў, галоўным чынам твораў жывапісу. У 1987 г. арганізавана новая, больш прадстаўнічая выстаўка па колькасці і разнастайнасці экспанатаў і па ўзроўні мастацкага афармлення. З улікам вялікай каштоўнасці і своеасаблівага характару калекцыі было вырашана стварыць стацыянарную выстаўку «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці». Для яе размяшчэння рашэннямі брэсцкіх аблвыканкама ад 20 мая 1985 г. і гарвыканкама ад 17 красавіка 1986 г. абласному краязнаўчаму музею быў перададзены будынак — помнік архітэктуры XX ст. (узведзены ў 1925-27 гг., архітэктар Ю. Лісецкі), адрэстаўрыраваны ў 1987 г. спецыялістамі аб'яднання «Белрэстаўрацыя». Праект экспазіцыі выстаўкі выканалі загадчыца мастацкага аддзела абласнога краязнаўчага музея І. М. Тарыма, архітэктар Ю. Ю. Шчарбакоў і мастакі Б. М. Малахаў і М. К. Канькоў. У 1989 г. яна прыняла першых наведвальнікаў. Экспазіцыя адлюстроўвае тэму аховы культурнай спадчыны ў Беларусі, адпавядае значэнню Брэста як пагранічнага горада, «заходніх варот» краіны. Загадчыца філіяла І.М.Тарыма.


Абраз Святы Мікалай. Канец XVIII ст.


Асноўны фонд музея (2008) налічвае 3852 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 247 адзінак. Экспазіцыя размешчана ў 10 залах агульнай плошчай 259 м². Першая зала прысвечана дзейнасці беларускай дзяржавы, мытнай і пагранічнай службаў па папярэджанні незаконнага вывазу культурных каштоўнасцей за мяжу. Экспануюцца фотаздымкі, зробленыя пры выяўленні кантрабанды, прадметы, выкарыстаныя ў якасці сховаў для яе, абраз «Уласій Севасційскі з жыціем», распілаваны на 6 частак, каб схаваць яго ад мытнікаў. У наступных 2 залах захоўваецца частка самай вялікай і каштоўнай у зборах музея калекцыі рускіх абразоў 16 — пачатку 20 ст. Менавіта яны на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў складалі пераважную большасць сярод прадметаў кантрабанды мастацкіх каштоўнасцей. У 1-м раздзеле экспазіцыі іканапісу размешчаны старажытнарускія абразы 16 — 17 ст., сярод якіх «Спас нерукатворны», «Маці Божая Уладзімірская», «Тройца Старазапаветная» і «Тройца Новазапаветная» («Айчына»). Наступны раздзел прысвечаны рускаму іканапісу новага часу. Абразы 18 ст. вызначаюцца барочным характарам, пышнасцю і дэкаратыўнасцю. У 19 ст. асабліва цаніліся абразы, выкананыя ў мініяцюрным стылі, якімі славіліся расійскія іканапісцы з г.п.Палех Іванаўскай вобласці і пас.Мсцёра Уладзімірскай вобласці. Прадстаўлены ў экспазіцыі абраз «Шасцідзён» выйшаў з майстэрні палехскага іканапісца В. Хахлова ў 1810-я г. Трохчасткавы абраз («Нараджэнне Хрыстова», «Нараджэнне Маці Боскай», «Выбраныя святыя») належыць мсцёрскай школе. Асаблівую цікавасць уяўляе абраз «Святая Ефрасіння Полацкая» канца 19 — пачатку 20 ст. з выявай святой ахоўніцы Беларусі. У асобнай зале зберагаюцца абразы ў сярэбраных акладах 18 — пачатку 20 ст., створаныя ў ювелірных цэнтрах Расіі: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Яраслаўлі, Казані, Калузе і інш. Яны дазваляюць прасачыць эвалюцыю і змену стыляў, нарастанне свецкіх тэндэнцый у рускім праваслаўным мастацтве новага часу. Экспануецца таксама «Евангелле напрастольнае» ў сярэбраным акладзе, выкананым у 1761 г. у Санкт-Пецярбургу майстрам Я.Шлосвігам. Дапаўняюць экспазіцыю культавага мастацгва творы дробнай пластыкі, у тым ліку меднае мастацкае ліццё 19 — пачатку 20 ст. (прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы, формы і сюжэты таго часу), і растоўская фініфць, выдзеленыя ў асобны раздзел. Ювелірнае мастацтва свецкага прызначэння прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, сярэбранымі каўказскімі паясамі і кінжаламі ў сярэбраных аправах. У зале мастацтва Усходу дэманструюцца традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія вазы, дэкарыраваныя перагародачнай эмаллю, японскі фаянс з майстэрняў Сацума, будыйская скульптура канца 19 — пачатку 20 ст. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Еўропы прадстаўлена мэбляй, бронзавымікандэлябрамі і камінным гадзіннікам 19 ст., якія ўтвараюць экспазіцыйныя ансамблі ў інтэр'еры. Невялікую цікавую калекцыю складаюць вырабы вядомых фарфоравыхзаводаў Еўропы: Венскага, Капо ды Монтэ, Патшапэль у Саксоніі, імператарскага фарфоравага ў Санкт-Пецярбургу, завода Таварыства М. С. Кузняцова ў Вярбілках.



Абраз Спас у сілах. XVI ст

Большасць твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу размешчана ў асобных залах, адпаведна жанравай прыналежнасці. У зале пейзажнага жывапісу зберагаюцца «Марскі пейзаж» невядомага галандскага мастака 17 ст. (з кола Вілема ван дэр Вельдэ-малодшага), творы І. К. Айвазоўскага, Р. Г. Судкоўскага, А. Д. Кіўшанкі, Р. Р. Мясаедава, С. А. Вінаградава, Ю. Ю. Клявера, А. П. Гараўскага. У партрэтнай галерэі вылучаюцца «Партрэт невядомага ў зялёным кафтане» І. Ф. А. Дарбеса, «Партрэт дзяўчыны» П. Я. Раўда. Жамчужынай залы графікі з'яўляецца эскіз М. А. Урубеля да яго карціны «Дэман зрынуты». Значная частка музейных прадметаў, у першую чаргу абразоў і карцін, патрабуе рэстаўрацыі.

Найбольш каштоўныя творы мастацтва рэгулярна экспануюцца на часовых тэматычных выстаўках, для якіх прызначана выставачная зала плошчаю 90 м². У 2000-04 гг. адбыўся цыкл выставак абразоў, прысвечаны 2000-годдзю хрысціянства. У гэтай зале таксама арганізуюцца персанальныя выстаўкі мастакоў Берасцейшчыны, замежжа, экспануюцца работы навучэнцаў мастацкіх школ і студый, праводзяцца творчыя сустрэчы з мастакамі, вечарыны, канцэрты камернай музыкі. Маюцца майстар-класы, літаратурна-музычныя і мастацкія салоны. Наладжана супрацоўніцтва музея з мастацкімі навучальнымі ўстановамі і студыямі Брэста, Брэсцкім абласным музычным таварыствам.

З 1989 г. музей наведалі больш як 1,2 млн. чалавек.




Пейзаж з домікам у ракі,Апалінарый Гараўскі, 2-я пал. XIX ст.









Nenhum comentário:

Postar um comentário